СУДО́ВЫЯ ПРАЦЭ́СЫ НАД ВАЕ́ННЫМІ НЯМЕ́ЦКА-ФАШЫ́СЦКІМІ ЗЛАЧЫ́НЦАМІ І ІХ ПАМАГА́ТЫМІ,
пакаранне асоб, вінаватых у зверствах і забойствах мірных жыхароў, ваеннапалонных і інш. цяжкіх злачынствах супраць чалавецтва ў Вял. Айч. вайну. Урад СССР праз дыпламат. каналы і ноты Наркамата замежных спраў з 25.11.1941 раскрываў усяму свету праўду пра палітыку генацыду, якую праводзіў германскі фашызм на акупіраванай тэрыторыі. Выяўленне звестак пра злачынствы ням.-фаш. захопнікаў праводзіла Надзвычайная дзяржаўная камісія. Першыя суд. працэсы над катамі з СД, СС, гестапа і здраднікамі Радзімы адбыліся ў 1943 у г. Краснадар, Краснадон, Харкаў. У жн. 1945 створаны Міжнар. ваен. трыбунал і аддадзены пад суд гал. ваен. злачынцы (гл. Нюрнбергскі працэс). На Беларусі суд. працэсы адбыліся: 15—29.1.1946 у Мінску (асуджаны 18 ваеннаслужачых ням. арміі), 13—20.12.1947 у Гомелі (16 ваеннаслужачых ням. арміі), 28.10—4.11.1947 у Бабруйску (21 ваеннаслужачы ням. арміі), у ліст. 1947 у Віцебску (10 ваеннаслужачых ням. арміі). Суд. працэсы над вінаватымі ў злачынствах на тэр. Беларусі адбыліся таксама ў 1945 у Бранску, у 1946 і 1961 у Рызе, у 1963 у Кобленцы (Германія) і інш. 26.11.1968 23-я сесія Ген. Асамблеі ААН прыняла канвенцыю аб непрымяненні тэрміну даўнасці да ваен. злачынцаў і злачынстваў супраць чалавецтва. Таму суд. працэсы праводзяцца ва ўсіх выпадках устанаўлення факта падобнага злачынства.
У.І.Лемяшонак.
т. 15, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)